"Прышпільная" мова

Цяперашні стан беларускай мовы зьяўляецца бадай што самым трагічным за ўсю гісторыю яе існавання. Лёгкіх часоў яна не ведала ніколі — але раней існаваў магутны вясковы беларускамоўны пласт. Цяпер жа і вёска русіфікавана дашчэнту. Практычна зьнішчаны беларускія школы, хоць нават у часы як першай, так і другой нямецкай акупацыі яны існавалі. Іначай і быць не можа, пакуль краінай кіруе асоба, якая дзіка, паталагічна, ненавідзіць усё беларускае.

 
          З уладамі ўсё зразумела — калі не лічыць некалькіх нацыянал — камуністаў 20 — х гадоў мінулага стагоддзя, ніводзін кіраўнік не дбаў пра беларускую мову.
    Аднак цяпер парадаксальным чынам небясьпека для беларускай мовы зыходзіць і ад самых гарачых яе прыхільнікаў. Справа ў тым, што для гэтых людзей беларуская мова не ёсьць і не магла быць матчынай. Цяперашнія Сяржукі і Алесі не так даўно былі Серёжами і Сашами. Шлях кожнага да мовы быў сьвядомы, але цяжкі і пакутлівы.
Найлепей гэта апісана ў кнізе Сяргея Дубаўца «Гісторыя аднаго цуду».
Што робіць новазьвернуты вернік? Ён пачынае «ўдасканальваць» рэлігію. Гэтаксама і з мовай. «Новазьвернутыя» беларусы не давяралі звыклым школьным падручнікам. Яны былі цьвёрда перакананы, што сапраўдную, «клясычную» мову ад іх схавалі бальшавікі, і вучыцца трэба паводле граматыкі стогадовай даўнасьці. Бо праўдзівая мова — гэта не сучасная, выпраўленая ў часы БССР, а т.зв. «тарашкевіца».
Эпоха, у якую ўзьнікла «тарашкевіца» — часы станаўлення беларускай літаратурнай мовы. Яе можна і трэба параўноўваць з часамі Кантэміра і Ламаносава ў Расіі, Яна Каханоўскага ў Польшчы, Крысціёнаса Данелайціса ў Літве. Усе вышэйпамянёныя асобы, уключна з нашым Тарашкевічам — першапраходцы. Якія з цяжкасьцю пракладвалі, пратоптвалі сьцяжынкі ў нязьведанае. Магістралі збудуюць іншыя. Пагэтаму іхняя мова ніяк не магла быць дасканалай. Тарашкевіч рос і дзейнічаў, аточаны польскамоўнай атмасферай — гэта
мова гучала ўсюды — ў палацах і касьцёлах, у школах і на вуліцы. Што ж дзіўнага, калі нават Купала першыя вершы пісаў па — польску. Пагэтаму для іх усе гэтыя «валізкі», «філіжанкі» і «варункі» гучалі цалкам натуральна. Што там Купала — цяперашнія літоўцы з цяжкасьцю разумеюць свайго Данелайціса, бо ягоная паэзія шчодра перасыпана паланізмамі. А ўжо калі мовы блізкія? Зьвярніце ўвагу, як гавораць беларусы, што жывуць у расійскамоўным асяроддзі — яны самі не заўважаюць, што ўстаўляюць у гутарку бясконцыя «да», «то есть», кажуць «у АмерыКЕ», «у вёсКЕ», » зьявіЛся», — замест «у АмерыЦЫ», «у вёсЦЫ». ( А адзін дзеяч увесь час казаў — «Вось паеду ў АмерыЦУ»!)
Праблему абцяжарвае нізкі агульнакультурны ўзровень, няведанне замежных моваў. І нашы «адраджэнцы» шчыра прымаюць чыста польскія словы і выразы за «очань біларускія», — памятаю, як мне аднойчы патэлефанаваў такі энтузіяст і ўзбуджана паведаміў: «Мы прыдумалі, як па — беларуску «бутэрброд»! — І як? «Канапка!» Яны шчыра перакананыя, што формы «хварэць не ЧЫМ, а НА штось, чакаць не КАГО, а НА КАГО, — гэта па — беларуску.Асабліва камічна, калі нават інтэлектуалы ўжываюць слова «выкшталцоны» ў сэнсе «изящный», — (выкшталцоныя ногі») Між тым, «wyksztalcony» значыць «адукаваны». «Адукаваныя ногі» — праўда, няслаба!
          Бяда і са словамі замежнага паходжання — з аднаго боку, слушная ідэя, што не трэба рабска капіраваць расійскую транскрыпцыю. Але ж і польская не заўсёды лепшая — палякі чытаюць замежныя словы ў адпаведнасьці са сваёй граматыкай. І «nazismus» у іх стаўся «назізмам», бо»Z» па — польску чытаецца як «з» , а не як «ц». Вось так і англійскі club (клаб) стаўся ў іх «клюбам». Але гэта праблемы суседняга народу. Пры чым тут мы? Асабліва беларусы Віцебшчыны, Гомельшчыны ды Магілёўшчыны, дзе палякаў бачылі хіба што ў часы Стэфана Баторыя.

         Трэба быць моўна глухім чалавекам, каб слых не рэзалі «райклюб», «клясны кіраўнік» ды іншыя. А такія словы — монстры як «кубэрта», «сылюэт», проста крычма крычаць — «мы не вашы, мы чужыя!»

«Аднаклясьніца перад візытам у клюб «Ганалюлю» спраўджвае кальготкі празь люпу» — праўда, хораша! Як жа па — беларуску!
І цягнуць, і цягнуць «пальшчызну» ў нашу бедную мову. Ужо ніхто не кажа «курыць», — толькі «паліць». А мова не прымае, супраціўляецца — бо па — польску той, хто «pali — palacz». А па — беларуску: «паляч», «палач»? Між тым спрадвеку на Беларусі былі «курцы». » От накурылі, каб на вас шэрсьць курэла!» — абураліся жанкі, заходзячы ў хату.
Чаго толькі не навыдумляюць «моватворцы» хатняй гадоўлі! Часам цяжка зразумець, што ж хацеў сказаць ягамосьць. Адзін ужываў выраз «апярэдзіў палічыць». І толькі з кантэксту можна было здагадацца што ён меў на ўвазе «предпочёл» — ( думае то па-расійску!») А «камандзёр», «камандыр»!.. «вадаплаў» — «шашаезда» і «небалёта» пакуль няма…
А «трунак» замест , » ліквор» замест «лікёру»… І не падазраюць нават, што «ліквор» — гэта сьпіннамазгавая вадкасьць, ласавацца якой могуць хіба што канібалы!
«Зупа» заместа «поліўкі» ці проста «супу». «Далікатны, ветлівы» — о не, некрасіва, трэба «гжэчны»! «Філосаф» — фу, які русізм! Трэба — «філёзаЎ!» «Скрыначка» — што за дзеравеншчына!
Трэба «пушка» або «пудэлка»… І не «пляскаць», а «кляскаць»! А яшчэ «бэльбэтавыя штроксы»! «Маціцовая ўсьмешка!», «Адсьлігаваныя ногі!».А «мюзыкал» і «тэатар»…
Гэтак у савецкім войску «дзембелі» упрыгожвалі сваю форму рознымі аксельбантамі, шнурочкамі, дроцікамі і зорачкамі, кожны на свой густ.
Ніяк не магу даўмецца, адкуль узялася «БаЎгарыя»? Мо ўжо трэба казаць і «БаЎканы»? Гаворыць жа адзін дзеяч на «Свабодзе» — «каЎгас»!. А «Сырыя» — гэта ад слова»сыр»?
«Сібір» — фу, как грубaо! Нада — «СЫбір!»
Цікава, што на той жа «Свабодзе» Ян Максімюк неяк не рвецца быць «МаксЫмюк», хоць паводле «тарашкевіцы» трэба так. Увогуле, «адраджэнская» «лёгіка» своеасаблівая — пішуць «Лёндан», але «Шэрлак», а не «ШэрлЯк», «мэталюрг», але чамусь «іслам», а не «ісьлям»…
Асабліва пацешыла суполка «Будзьма!» — на кампакт дыску напісана, што там сярод іншага знаходзяцца «ПРЫШПІЛЬНЫЯ шпалеры»! Калі ачомаешся, даходзіць, што гэта «прикольные!»
І так вось беларуская мова ператвараецца ў пасьмешышча, пародыю сама на сябе — нешта накшталт інтэрнэтнага «ОЛБАНСКОГО».І гэта ўсё не надае нашай мове папулярнасьці.
Бяда не толькі з паланізмамі. Так, цяпер стала модна ўжываць «Летува» замест «Літва» — маўляў, сапраўдныя літвіны — гэта мы, а «яны» «жмудзіны». «Эрудыты» не падазраюць, што Літва — не толькі Жамойць, але і Дзукія, Аўкштайція, Сувалкія. Да таго ж не ведаюць, дзе правільна ставіць націск, і кажуць ЛетУва замест ЛетувА… А яшчэ «сапраўдныя патрыёты» ўжываюць словы «летувіс», летувіска». Не ўзгадваючы немілагучны «віск», трэба зазначыць, што «летувіска» — слоўны абсурд, аксюмарон. Бо ў літоўскай мове канчатак «ас», «іс» абазначае мужчынскі род. Жаночы, адпаведна «а», «е» — літоўка будзе «летуве» (lietuv?). «Летувіска» мае абодва канчаткі — гермафрадыт, ці што, адначасова і мужчына, і жанчына? У любой жывой мове адбываецца несупынны працэс эвалюцыі, развіцця. Абсурдам было б лічыць, што ў БССР мову толькі псавалі, а сапраўдная захавалася толькі на эміграцыі,
якая ніколі не адмовілася ад «тарашкевіцы». Абноўлены правапіс не перашкодзіў Караткевічу і Быкаву, Барадуліну і Разанаву стварыць выдатныя творы, роўных якім дарэмна шукаць сярод эмігранцкай літаратуры. Як нельга двойчы ўвайсьці ў тую самую раку, таксама немагчыма стагоддзямі заставцца ў той самай плыні. Нельга ў наш час пісаць моваю Я.Станкевіча, прыў сёй павазе да ягонай дзейнасьці — «Нацанальна ўсьведаміўшыся ў 1909 г., я пачаў усюдых запісаваць словы беларускія… Вызукаючы мову беларускую…»
— і г. д. Той, хто цяпер «вызукае» беларускую мову, жыве ў іншую эпоху з іншымі патрабаваннямі. Немагчыма ўявіць сабе артыкул пра Вялікі адронны калайдэр, дзе б ужываліся словы «тутака», тамака», «гэны», «хворма».
Але не ўсё так безнадзейна — вось, скажам, чытаеш найноўшую кнігу Алеся Бяляцкага, — нічога не рэжа і не драпае ані слыху, ані вока. Можам, калі захочам! Нават у нялюдзкіх абставінах, за кратамі…
На вялікі жаль, нельга з упэўненасьцю сказаць, што беларуская мова не зьнікне ніколі. Пэўна толькі тое, што кожны з нас павінен зрабіць усё, каб яна жыла.
А жыць — значыць глядзець не назад, а наперад, дасканаліцца і разьвівацца.

Читать дальше: "Прышпільная" мова

Leave a Reply