Да пытання аб графічных выявах Магілёва xviii стагоддзя

 

Самыя раннія вядомыя выявы Магілёва адносяцца да XVIII ст. Пры гэтым мы дапускаем, што магілёўскі ландшафт мог быць выкарыстаны ў якасці фону і ў ранейшых работах (напрыклад, на знакамітым абразе «Нараджэнне маці Божай» 1649 г.), але адсутнасць адпаведных аўтарскіх подпісаў дазваляе пакінуць гэтую выснову ў якасці гіпатэтычнай.

Шэраг гэтых найбольш старадаўніх выяваў горада — дастаткова вядомыя і папулярызаваныя, хоць па некаторых з іх актуальнымі застаюцца пытанні аўтарства і сапраўднасці. Некаторыя выявы вядомыя мала, альбо не ўведзеныя ў навуковы ці шырокі грамадскі ўжытак наогул. Працэс навуковай апрацоўкі і публікацыі падобных выяваў адбываецца цягам нашых дзён, як гэта можна пабачыць на прыкладзе «магілёўскіх» малюнкаў ХІХ ст. з альбома Д. Струкава, упершыню надрукаваных у матэрыялах VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць» у 2011 г. [7, с. 111-115]
Усяго вядомых графічных выяваў Магілёва XVIII ст. налічваецца 13. Гэта: гравюра «Градъ » Васіля Вашчанкі на тытульным аркушы кнігі «Жыція Святых» (Магілёў, 1702 г.), фрэска з кармеліцкага касцёла (цяпер касцёл св. Станіслава), гравюра невядомага аўтара з подпісам «Prospect der Stadt Mohilow», акварэлі М. Львова (сем) і Ю.Пешкі (тры).

 
Самай супярэчлівай выявай Магілёва адзначанага перыяда з’яўляецца гравюра з подпісам «Prospect der Stadt Mohilow», якую найчасцей характаразуюць наступным чынам: «нямецкая гравюра невядомага аўтара XVIII ст.» [6, с. 32]. Наяўнасць іншай, стылістычна і сюжэтна падобнай гравюры з подпісам «Grodno in GrossHertzogthu Litthauen», а таксама немагчымасць атрыбутаваць у Магілёве XVIII ст. выяўлены на гравюры велічны замак дазваляюць характарызаваць гэтую «магілёўскую» гравюру як недакладную, магчыма — фантазійную, ці, прынамсі, адвольную. Прычым абедзьве гравюры — і «магілёўская», і «гродзенская» настолькі падобныя ў асобных дэталях міжсобку, і настолькі відавочна адрозніваюцца ад тагачаснага ландшафту абодвух гарадоў, што даследчыкі робяць дапушчэнне, што абедзве гравюры могуць у асобных месцах адносіцца да абодвух гарадоў, але цалкам не выяўляюць ні Магілёў, ні Гродна. Так, А. Краўцэвіч піша: «На адной з гравюр 18 ст. пад надпісам па-нямецку «Гродна ў Вялікім княстве Літоўскім» змешчана панарама горада, абнесенага ўмацаваннямі з вежамі. Аднак аналіз выявы паказвае, што гэта не Гродна, а, найверагодней, Магілёў. На карысць такога меркавання сведчыць воблік асноўных архітэктурных збудаванняў і характэрны выгін ракі на пярэднім плане» [4, с. 66].
Параўнальны аналіз двух адзначаных гравюр можа быць карысным для высвятлення таямніцы паходжання найбольш цікавай для нас, «магілёўскай» выявы.
Адносна паходжання гравюры, падпісанай «Prospect der Stadt Mohilow» сярод даследчыкаў распаўсюджана іранічнае меркаванне, што яна «гуляе» з кніжкі ў кніжку, а адкуль узялася — ніхто не ведае. Адразу заўважым, што аўтар гэтых радкоў не ведае гэтага таксама, але спадзяецца, што некаторыя дэталі, выяўленыя падчас параўнальнага аналізу «магілёўскай» і «гродзенскай» гравюр могуць быць карыснымі ў пошуку першакрыніцы.
У першую чаргу звернем увагу на будынкі, выяўленыя на гравюры, ідэнтыфікацыя якіх не выклікае сумневу ў даследчыкаў: гэта Ратуша, Богаяўленская царква, царква Іаана Багаслова, званніца Богаяўленскага манастыра, Дубравенская мураваная брама [6, с. 186]. З гэтых пабудоў самай позняй з’яўляецца Ратуша — 1679-1681 гг. — што можна лічыць адпраўной кропкай для даціроўкі гравюры.
З вядомых, самай ранняй публікацыяй гравюры з’яўляецца публікацыя ў выданні «История 3-го Уланского Смоленского Императора Александра III полка 1708 — 1908» 1908 г. [ 3, с. 85]. Адзначым, што ў гэтым выданні
гравюра пададзена без вялікай неабходнасці. У тэксце Магілёву ўвагі не надаецца, указваецца толькі сам факт перабывання ў горадзе 3-га Уланскага Смаленскага палка: « Из Луцка в 1796 г. полк перешел в Могилев на Днепре, где и вошел в состав армии гр. Суворова. Весною 1796 года Смоленцы из Могилева на Днепре выступили в г. Тульчин…» [ 3, с. 84-85]. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу той факт, што гравюра «Prospect der Stadt Mohilow» адсутнічае ў такіх фундаментальных выданнях, як «Живописная Россия» (т.3, ч. 2, 1882 г.) і «Опыт описания Могилевской губернии» (ч. 1, 1882 г.).
Такім чынам, атрымліваюцца надзвычай шырокія храналагічныя межы, у якіх, можна меркаваць, паявілася на свет і была актуалізаваная дадзеная гравюра: канец XVII — пачатак ХХ стст. Храналагічныя межы паяўлення гравюры могуць быць звужаныя, калі прыняць на веру, што выяўленыя на гравюры Богаяўленская царква і званніца перададзены аўтарам актуальна і абсалютна дакладна. Ведаючы, што царква і званніца цярпелі ад пажару і разбураліся ў 1708, 1748 гг., а аднаўленне званніцы адбылося толькі ў 1850 г. [1, с. 286], найбольш верагодным часам стварэння гравюры можна было б лічыць перыяд з канца XVII да сярэдзіны XVIII ст. На карысць гэтага звужэння працавала б таксама адсутнасць на гравюры Спаскай царквы, пабудаванай у 1740-1760-я гг., але, ведаючы пра вольнасць, з якой абыходзіўся аўтар гравюры з фактычным матэрыялам, мы можам не прымаць да ўвагі гэтую акалічнасць.
Гравюра «Prospect der Stadt Mohilow» не мае подпісаў, якія б тлумачылі выяўленыя будынкі і не мае аўтарскага подпісу, таму цяпер, без паяўлення новай інфармацыі пра яе паходжанне, высновы на яе конт могуць уяўляць сабой хіба характар дапушчэнняў.
Цяпер звернемся да гравюры «Grodno in GrossHertzogthu Litthauen». У адрозненне ад «магілёўскай», гэтая гравюра мае подпіс аўтара — G. Bodenehr у правым ніжнім куце, а таксама вядомай з’яўляецца яе першакрыніца — выданне «Europens Pracht und Macht» 1729 г. Габрыэля Бодэнера [9]. Гэтая гравюра пададзена ў альбоме з выявамі еўрапейскіх гарадоў на лісце пад нумарам 75. Ёй папярэднічае іншая гравюра Гродна, якая з’яўляецца рэплікай вядомай гравюры Гродна 1567 г. Ганса Адэльгаўзера і не выклікае ніякіх сумневаў адносна яе рэалістычнасці ў даследчыкаў.
Габрыэль Бодэнер (1673 — 1765) — прадстаўнік фаміліі нямецкіх картографаў і гравёраў. У канцы XVII — першай палове XVIII стст. акрамя яго налічваецца яшчэ 9 прадстаўнікоў сям’і, што займаліся гравіраваннем і выдавецтвам у Аўгсбургу і Дрэздэне.
Згаджаючыся з А.Краўцэвічам, што выяўлены на гэтай гравюры горад далёка не адпавядае рэальнаму выгляду Гродна пачатку XVIII ст., а таксама абапіраючыся на візуальнае падабенства замкаў на гэтай і «магілёўскай» гравюрах, мы можам прыйсці да высновы пра тое, у якім накірунку варта было б шукаць першакрыніцу гравюры з подпісам «Prospect der Stadt Mohilow» — гэта ў першую чаргу выданні Г абрыэля Бодэнера першай паловы XVIII ст., а таксама працы іншых прадстаўнікоў яго сям’і.
Некаторыя іншыя выявы Магілёва XVIII ст. — гравюра «Градъ Могилев», фрэска з кармеліцкага касцёла — добра вывучаныя і цалкам уведзеныя ў навуковы ўжытак.
Што ж да акварэляў Ю. Пешкі і М.Львова. Няпоўным застаецца спіс выяваў, зробленых апошнім падчас працы ў Магілёве над саборам св. Іосіфа (а магчыма — і над ансамблем духоўнай семінарыі [8, c. 191]).
Так, дакладна вядома, што ў Дзяржаўным Рускім музеі (г. Санкт- Пецярбург) захоўваецца 7 акварэляў Львова з відарысамі Магілёва: «Общий вид города», «Вид рва у стен», «Вид со стороны Быхова», «Площадь в Могилёве», «Олейная башня с костёлом бернардинцев», «Вид улицы Грабовской» і «Вид на Иосифовский собор». Большасць з іх друкавалася ў навуковых і папулярных выданнях, аднак толькі дзве акварэлі друкаваліся ў колерах — агульны від горада і від на Іосіфаўскі сабор.
Аднак таксама існуе верагоднасць, што захоўваецца пэўная колькасць «магілёўскіх» малюнкаў М. Львова, дагэтуль невядомых. Так, у зборы графікі музея-запаведніка «Гатчына» (Расія) захоўваецца альбом з 98-ю графічнымі работамі, выкананымі мастаком [2, с. 83-108]. Невялікая колькасць гэтых малюнкаў друкавалася, астатнія толькі рыхтуюцца да друку, а частка з іх дагэтуль не даследвалася і не атрыбутаваная. Самы ранні малюнак датаваны снежнем 1787 года, самы позні — 1803 годам. Улічваючы, што будаўніцтва Іосіфаўскага сабора ў Магілёве адбывалася з 1780 па 1798 гг., можна спадзявацца на новыя адкрыцці ў пошуку выяваў Магілёва XVIII ст.
Акварэлі Юзафа Пешкі, зробленыя ім у Магілёве ў канцы XVIII ст., цяпер захоўваюцца ў фондах Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэкі імя В.Стэфаніка. Гэта насупныя акварэлі:
«Widok WWXX Jezuitow z placem przed Cerkwi^ Woskresensk^ czyli Pulkow^ w Mohylowie» (дакладная даціроўка невядомая, памеры выявы: 43,6×60,5 см) — «Від на калегіум езуітаў з плошчай перад Васкрасенскай альбо Палкавой царквой у Магілёве».
«Widok Luppolowa przedmiescia Miasta Mohylowa z rzek^ Dniepr plyn^c^» (дакладная даціроўка невядомая, памеры выявы 43,5×60,6 см) «Від Лупалаўскага прадмесця горада Магілёва з плыткай ракой Днепр».
«Widok Mohylowa od Bramy Olejnej i cz^sci Walu» (дакладная даціроўка невядомая, памеры выявы: 43,5×59,6 см) — «Від Магілёва ад Алейнай брамы з часткай валу».
Раней гэтыя акварэлі друкаваліся толькі ў чорна-белым варыянце. Прыводзім іх усе тут у колерах (гл. у дадатаку).
Такім чынам, можна заключыць, што даследаванасць выяваў Магілёва XVIII ст. застаецца незавершанай, што прыводзіць нас да высновы пра неабходнасць далейшай распрацоўкі гэтай тэмы дзеля стварэння поўнага і паўнавартасна атрыбутаванага збору найбольш старажытных графічных выяваў нашага горада.
Літаратура
1.Архітэктура Беларусі: Энцыкл. Давед. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: А.А. Воінаў і інттт. — Мінск : БелЭн, 1993. — 620 с.
2.Астаховская С.А. «Львовский альбом» из собрания Гатчинского дворца / С.А. Астаховская // Гений вкуса: Н.А. Львов. Материалы и исследования. Сборник 4 / Научный редактор М.В. Строганов. — Тверь : Золотая буква, 2005. — 356 с.
3.История 3-го Уланского Смоленского Императора Александра III полка 1708 — 1908. Сост. Подполковником В. Годуновым и 3-го Уланского Смоленского Императора Александра III полка Поручиком А. Королевым. — Либава, 1908. — Ч. 1.
4.Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV — XVIII стст. / А.К. Краўцэвіч — Мінск : Навука і тэхніка, 1991. — 174 с.
5.«Львовский альбом» из собрания Гатчинского дворца // Сайт “Исторический журнал «Гатчина сквозь столетия»” — [Электронны рэсурс]. — Рэжым дотыка: http://history-gatchina.ru/article/lvovalbum.htm — Дата дотыка: 03.04.2013.
6.Марзалюк, І.А. Магілёў у ХІІ-ХУШ стст. Людзі і рэчы /
І.А. Марзалюк. — Магілёў — Мінск : «Веды», 1998. — 260 с.
7.Марзалюк І.А. Малюнкі Д. Струкава як крыніцы па гісторыі Магілёва / І.А. Марзалюк // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць. Зборнік навуковых прац VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі 29-30 чэрвеня 2011 г. / уклад.: А.М. Бацюкоў, І.А. Пушкін. — Магілёў : УА «МДУ імя А.А. Куляшова», 2011. — 328 с.
8.Никитина А.Б. Архитектурное наследие Н.А. Львова / А.Б. Никитина — СПб. : Дмитрий Буланин, 2006. — 532 с.
9.Bodenehr, Gabriel: Europens Pracht und Macht, in 200 Kupfer-Stucken
worinnen nicht nur allein die Beruhmtest und Ansehnlichste sondem auch andere Statte, Festungen, Schlosser, Kloster, Passe, Residents, Pallaste, Wasserfalle etc. dises Volckreichen Welttheils vermittelst anmuthiger und eigentlicher Prospecte, Sambt kurzer geographischer Beschreibung zu sonderm Nuzen и. Gemuth vergnugender Ergozung Vorgestellet werden, Bd.: Augspurg//Augsburg//, s.a.
1729.

А. М. Бацюкоў
г. Магілёў, УК «Музей гісторыі Магілёва»

Оригинал