Перадача Сенненскага і Аршанскага паветаў Магілёўскай (Гомельскай) губерні ў склад Віцебскай губерні

 
 

У пачатку лютага 1919 г. узнік праект стварэння Гомельскай губерні. Новая губерня планавалася ў складзе Гомельскага і Рагачоўскага паветаў Магілёўскай губерні, Рэчыцкага і Мазырскага паветаў Мінскай губерні, а таксама Мглінскага, Навазыбкаўскага, Старадубскага і Суражскага паветаў Чарнігаўскай губерні. 5 лютага 1919 г. Палескі камітэт РКП(б) і Гомельскі рэўкам звярнуліся ў цэнтральныя органы Савецкай Расіі з прапановай утварыць асобную ад Магілёўскай губерню з цэнтрам у Гомелі. Аргументавалася гэта тым, што Гомель быў буйным прамысловым цэнтрам (большым ў параўнанні з Магілёвам) і меў сур’ёзныя падставы прэтэндаваць на статус губернскага цэнтра. 13 лютага 1919 г. пытанне аб выдзяленні Гомельскай губерні разглядалася Магілёўскім губкамам РКП(б) у прысутнасці прадстаўнікоў НКУС Савецкай Расіі. У выніку замест дзялення Магілёўскай губерні быў прапанаваны варыянт з пераносам губернскага цэнтра з Магілёва ў Гомель [1, с. 31-32].

14 красавіка аддзел мясцовай гаспадаркі НКУС РСФСР накіраваў ліст у Віцебскі губвыканкам “Аб уключэнні ў склад губерні часткі паветаў Магілёўскай губерні”, у якім прапаноўваў губвыканкаму даць сваё заключэнне па пытанні аб уключэнні ў склад Віцебскай губерні Аршанскага і Сенненскага паветаў, тлумачачы гэта тым, што па наяўных у аддзеле звестках, паўночная частка Аршанскага і цалкам Сенненскі паветы здаўна імкнуцца да Віцебска [2, с. 121].

24 красавіка на пасяджэнні Сенненскага павятовага камітэта РКП(б) было залухана пытанне аб далучэнні да Віцебскай губерні. Сенненскія бальшавікі падтрымалі прапанову. Вызначальным фактарам пры вырашэнні гэтага пытання стала тэрытарыяльная блізкасць Сянно да Віцебска і аддаленасць ад Гомеля [3]. 24 мая Гомельскі губкам РКП(б) даслаў ліст у Сенненскі павятовы камітэт, у якім праінфармаваў, што, згодна з рашэннем І Гомельскай канферэнцыі РКП(б), Сенненскі павет вырашана перадаць у склад Віцебскай губерні, а таму губернская канферэнцыя з дадзенага моманту лічыць Сенненскі павятовы камітэт РКП(б) падпарадкаваным Віцебскаму губкаму РКП(б) [4].

I з’езд Саветаў Гомельскай губерні 25 мая 1919 г. канчаткова зацвердзіў яе межы. У склад Гомельскай губерні ўвайшлі 14 паветаў: Аршанскі, Быхаўскі, Гомельскі, Горацкі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі,

Рагачоўскі, Рэчыцкі, Старадубскі, Суражскі, Чавускі і Чэрыкаўскі. Мсціслаўскі павет былой Магілёўскай губерні перадаваўся ў склад Смаленскай губерні, а Сенненскі павет за выключэннем Зарэчнаталачынскай воласці (адыходзіла да Аршанскага павета) — Віцебскай губерні [1, с. 34]. Гэтае рашэнне 11 ліпеня 1919 г. было зацверджана загадам НКУС РСФСР “Аб утварэнш Гомельскай і ліквідацыі Магілёўскай губерні”[5, с. 95].

З аднаго боку, Сенненскі павет быў перададзены Віцебскай губерні ў сувязі з тым, што знаходзіўся на вялікай адлегласці ад цэнтра новай губерні, а з другога боку, на думку гомельскага кіраўніцтва павет быў эканамічна слабым і не ўяўляў асаблівай каштоўнасці.

Прапанова аб перадачы Аршанскага павета да Віцебскай губерні была адхілена, паколькі Орша з’ўлялася важнейшым палітычным цэнтрам для паўночнай часткі Гомельскай губерні. Але было відавочна, што мясцовае насельніцтва імкнулася не да новага губернскага цэнтра, а да Віцебска. 11 ліпеня 1919 г. на пасяджэнні прэзідыума Віцебскага губвыканкама было прынята рашэнне аб далучэнні да Віцебскага павета Высачанскай, Дабрамыслянскай і Лёзненская валасцей Аршанскага павета Гомельскай губерні [6]. Яно было пацверджана і загадам прэзідыума выканкама Саветаў Віцебскай губерні ад 28 ліпеня. У сувязі з дасягнутымі пагадненнямі паміж Віцебскім губвыканкамам і Аршанскім павятовым выканкамам Высачанская, Дабрамыслянская (з пазаштатным горадам Бабінавічы), Лёзненская і Серакаратнянская воласці з 25 ліпеня перадаваліся ў склад Віцебскай губерні [7]. Канчаткова іх пераход быў зацверджаны НКУС 6 верасня на падставе пастановы міжгубернскай нарады Гомельскай, Смаленскай і Віцебскай губерняў і згоды на тое Аршанскага павятовага выканкама [8].

Перадача ў 1919 г. часткі валасцей Аршанскага павета спрыяла ўзняццю пытання пра яго далейшы лёс. Аршанскі павятовы камітэт РКП(б) заявіў пра неабходнасць выдзялення павета са складу Гомельскай губерні. На думку аршанскіх уладаў эканамічныя сувязі з губернскім цэнтрам наладжаны вельмі дрэнна, часта адбываецца затрымка крэдытаў. Таму, як з агульнадзяржаўнага, так і з мяцовага пункту гледжання, Аршанскаму павету варта было далучыць да Віцебскай губерні [9]. У ліпені 1920 г. прадстаўнікі Аршанскага павета звярнуліся ў Віцебскі губернскі рэвалюцыйны камітэт з хадайніцтвам аб уключэнні павета ў склад Віцебскай губерні. Губрэўкам падтрымаў хадайніцтва і звярнуўся ў Рэўваенсавет Заходняга фронту для яго зацвярджэння. 12 жшўня апошні пагадзіўся на перадачу Аршанскага павета. У выніку Віцебскі губрэўкам 23 жніўня звязаўся з Гомельскім губвыканкамам каб правесці перадачу і прыёмку спраў, але атрымаў адмову [10, арк. 23]. Кіраўніцтва Гомельскай губерні скарысталася запланаваным на верасень-кастрычнік 1920 г. Усерасійскім перапісам, паколькі падчас яго правядзення не дазвалялася ніякіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных змен. Але, нягледзячы на гэта, ІХ з’езд Саветаў Аршанскага павета 18 верасня 1920 г. аднагалосна пастанавіў далучыць павет да Віцебскай губерні [10, арк. 18]. 25 лістапада УЦВК прыняў пастанову: “Лічыць Аршанскі павет з адпаведнымі яго аддзеламі перададзеным у поўнае вядзенне Віцебскаму губвыканкаму з 1 студзеня 1921 г.” [10, арк. 25].

Такім чынам, рэарганізацыя Магілёўскай губерні спрыяла далучэнню Сенненскага і Аршанскага паветаў да Віцебскай губерні. Адзначым, што насельніцтва Сенненскага павета здаўна імкнулася да Віцебска, а яго Астровенская і Машканская воласці межавалі з Віцебскім паветам Віцебскай губерні. Таму няма нічога дзіўнага, што Сенненскі павет яшчэ ў ліпені 1919 г. быў перададзены ў склад Віцебскай губерні. Сітуацыя з далучэннем Аршанскага павета да Віцебскай губерніі была больш складаная. Кіраўніцтва Гомельскай губерні не хацела перадаваць гэтыя паветы Віцебскай губерні, паколькі Орша з’ўлялася важнейшым эканамічным цэнтрам для паўночнай часткі Гомельскай губерні. Таму справа аб яго перадачы зацягнулася.

Бараноўскі А.В.

ДНУ “Інстытут гісторыі
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”

(г. Мінск, Беларусь)

Літаратура

  1. Елизаров, С.А. Формирование и функционирование системы административно-территориального деления БССР (1919-1991 гг.) / С. А. Елизаров. — Гомель : ГГТУ им. П. О. Сухого, 2009. — 222 с.
  2. Витебская 1917-1924 гг. : док. и материалы / сост. : Н. В. Воронова [и др.] ; ред. кол. : В. И. Адамушко [и др.]. — Витебск : Витеб. обл. тип., 2012. — 408 с.
  3. Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці (далей — ДАВВ). — Ф. 10071-п. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 33.
  4. ДАВВ. — Ф. 10071-п. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 16.
  5. Государственные границы Беларуси : сб. документов и материалов. В 2 т. — Т. 1. (март 1917 — ноябрь 1926) / сост. : В. Е. Снапковский [и др.]. — Минск : БГУ, 2012. — 495 с.
  6. ДАВВ. — Ф. 56. Воп. 1. Спр. 81. Арк. 13.
  7. ДАВВ. — Ф. 14. Воп. 1. Спр. 191. Арк. 21.
  8. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. — Ф. 428. Воп. 1. Спр. 184. Арк. 126.
  9. ДАВВ. — Ф. 10050-п. Воп. 1. Спр. 93. Арк. 254 аб.
  10. ДАВВ. — Ф. 56. Воп. 2. Спр. 4. Арк. 23.

Оригинал