Эвалюцыя органаў самакіравання Магілёва ў XVI — XVII стагоддзях

 
У гісторыі органаў самакіравання Магілёва выразна вылучаюцца 2 перыяды: дамагдэбургскі і магдэбургскі. Прававы пачатак першаму паклала ўстава Жыгімонта Аўгуста 20.02.1561 года [1, с.110-114]. Яна пабудавана па традыцыйнаму для ўсхода Беларусі прынцыпу: павіннасці, вольнасці (у тым ліку памеры судовых вінаў), кіраванне горадам. Магілёўская ўстава пасля гэтых традыцыйных частак мае і яшчэ адну: “Повинность того места на подводы”. Прывілей гаворыць, што ў Магілёве “войта и лавников и никоторого вряду местского первей не было”. Гэта, як адзначае кароль, прыводзіла да ўсялякага кшталту беспарадкаў “и от дворян наших, и от иных станов в бранью стацый и в иншых речах обтяжливость”. Таму кароль усталёўваў у горадзе войта і 4 сотнікаў, кожнаму з якіх падначальвалася вызначаная частка горада. Гэта некалькі нагадвае віцебскую сістэму “старэйшых мяшчан”, якія прадстаўлялі асобныя раёны горада [2, с.121-124]. Пры гэтым у прывілеі адзначана, што сотнікі ва ўсіх справах павінны дапамагаць войту замест лаўнікаў. Такім чынам, магілёўская мадэль з’яўляецца прыстасаваннем войтаўска-лаўніцкай мадэлі самакіравання, характэрнай для захада ВКЛ, да традыцый усходне-беларускіх валасцей. Акрамя сотнікаў пры абмеркаванні важнейшых спраў пры войце павінны былі знаходзіцца “галаўнейшыя мяшчане”, што ізноў жа нагадвае віцебскіх “старэйшых мяшчан” і “мужоў” вечавага перыяду. Войт павінен быў наглядаць за парадкам у горадзе, усе гарадскія справы “слушне а радне справовати”, даносіць замкавым уладам аб патрэбах мяшчан, сачыць за прымнажэннем даходаў вялікага князя, правільнай і своечасовай выплатай падаткаў і вінаў, для чаго прысутнічаць пры іх спагнанні разам з службовымі асобамі замка. Войт і сотнікі вызначалі чаргу ўдзела ў замкавых работах. Войт паведамляў замкавым ўладам аб “каморніках”, збіраў гарадскія падаткі і разам з сотнікамі і “галаўнейшымі мяшчанамі” вызначаў накірункі іх расходавання “на местские потребы”. Войт, як і ў іншых усходне-беларускіх гарадах, судзіў справы аб зямельных межых і “испаши”. За сваю працу ён атрымоўваў вольную валоку зямлі і дом. За межавыя суды войту ішло 4 грошы. Таксама ён атрымоўваў 2 гроша з 12 ад шлюбных куніц. Упершыню грамата Магілёву гаворыць аб зямельнай плаце сотнікам (лаўнікам) — паўвалокі зямлі. За гэта яны павінны былі кіраваць людзьмі на падведамнай тэрыторыі, асабліва ў час выканання замкавых работ і ваеннай небяспекі. Сотнікі таксама павінны былі паведамляць уладам об патрэбых мяшчан сваёй сотні. Такім чынам, ятттчэ адной асаблівасцю магілёўскага самакіравання дамагдэбургскага перыяду была, як і ў Віцебску [2, с.121-124] і Оршы [3], наяўнасць 2 узроўняў самакіравання: агульнагарадскога і соценнага.
Аднак, войтаўскае самакіраванне ўсёж не пазбаўляла мяшчан ад улады службоўцаў дзяржавы. Мяшчане Магілёва, звяртаючыся да караля з просьбай надання ім нямецкага права, спасылаліся на тыя цяжкасці павіннаснага і падатковага характару, якія ўсталёўваліся дзяржаўнымі ўраднікамі. З гэтых прычын кароль Стэфан Баторый перавёў горад з літоўскага на нямецкае магдэбургскае права і вызваліў іх ад улады ваявод, кашталянаў, дзяржаўцаў, старостаў і іншых ураднікаў сваім прывілеям 28.01.1577 года [1, с.202-206]. Уводзіны да гэтага прывілея ўтрымліваюць прастраннае меркаванне наконт карысці гарадскога права: “Высокі маястат князёў найбольш не толькі ад перамог або ад выймавання гарадоў бывае ўзвялічаны, але з устанаўлення правоў і справядлівых статутаў: бо справядлівасць — гэта моц усяго света і ўсіх гарадоў непарушны фундамент; а ўсялякага парадку найлепшыя ўмовы маюць надзею быць добрымі, калі дрэнныя і незразумелыя звычаі, не толькі праву Божаму, але таксама праву прыроджанаму для справавання рода людскога супраціўныя, бываюць адхілены, і такія рэчы бываюць пастаноўлены, якія здароўе людское захоўваюць, якія лепшы стан людзям прыносяць, якія таксама кожнаму тое, што ёсць слушным і справядлівым, аддаюць”. Згодна з прывілеям у Магілёве пачынае стварацца ўласцівая для магдэбургскага права сістэма самакіравання. Па ўсіх крымінальных справах, як малых, так і вялікіх, магіляўчане павінны былі судзіцца толькі згодна магдэбургскаму праву і не перад кім іншым, а толькі перад сваім войтам. Войт пры гэтым атрымоўваў права судзіць і вырашаць усе крымінальныя і бягучыя справы, што з’яўляецца выключэннем, бо магдэбургскія кодэксы апошні кшталт спраў адносяць у асноўным да кампетэнцыі бурмістроўска-радзецкіх судоў [4, с.38-40, 45-46]. Войты павінны былі прызначацца вялікімі князямі, у тым ліку і пажыццёва. Войты маглі вызначаць ландвойтаў, асабліва на час сваёй адсутнасці. Грамата ўсталёўвала парадак прызначэння войтам бурмістраў, райцаў, лаўнікаў і іншых гарадскіх службоўцаў з 4 абраных на пасаду гараджанамі кандыдатаў. Дадзены парадак сфарміраваўся ў ВКЛ у 60-я гады XVI стагоддзя і шырока выкарыстоўваўся ў яго заходніх ваяводствах і паветах [5]. Лентвойт з бурмістрам і іншымі ўраднікамі мелі права суда над мяшчанамі. Ізноў жа, як мы бачым, падкрэслівалася супольнасць суда. Нездарма і парадак апеляцыі быў шматступенчатым. Спачатку мяшчане маглі апеляваць да войта, а затым да гаспадара. Прывілей надаваў гораду герб, які павінен быў змяшчацца на гарадской пячатцы і якім трэба было “ў судах і іншых справах і патрэбах пячатаваць”. Усталёўвалася новае размеркаванне прыбыткаў ад вырашэння судовых спраў: на караля павінны былі ісці 2 грошы ад перасудаў, а на войта трэці грош. Удвая вырасталі зямельныя ўладанні войта: яму надаваліся акрамя дома 2 вольныя ад падаткаў валокі зямлі. У падатковую акругу горада траплялі ўсе яго жыхары, бо ўсе юрыдзічане павінны былі выконваць гарадскія павіннасці і плаціць падаткі нароўні з магдэбургскімі мяшчанамі, за выключэннем вызваленых каралеўскімі лістамі. У пачатку другой трэці XVII стагоддзя дадзенае правіла было пашырана і на мясцовыя падаткі горада. 06.10.1633 года датаваны каралеўскі ўніверсал аб падначаленні складанкам, прынятым горадам па публічных ухвалах, усіх яго жыхароў [6, с.135].
Наступным крокам у фармірованні ўласцівых рыс магілёўскага самакіравання было ўсталяванне права судовай экстэрытарыяльнасці магілёўскіх мяшчан. Ужо 01.02.1588 года (у Метрыцы датаваны 27.02) Стэфан Баторый загадаў судзіць магілёўскіх мяшчан толькі ў іх гарадскіх судах пад зарукай 500 коп [1, с.288-289; 7, а.72адв-73]. 14.06.1588 года Жыгімонт Ваза выдаў чарговы ліст аб несуджэнні магілёўскіх мяшчан у іншых судах, а накіраванні іх па ўсіх справах “до права майдеборского до места Могилевского” [7, а.433адв-434]. Кароль Міхал Вішнявецкі сваёй граматай ад 30.03.1672 года паўторна загадаў судзіць магілёўскіх мяшчан толькі ў магдэбургскіх судах Магілёва [8, с.119-121].
Пры Стэфане Баторыі было замацавана права магілёўскай абшчыны вырашаць царкоўныя справы. Граматай ад 05.03.1585 года гораду была перададзена царква Святога Спаса, “абы ее они оправивши в моцы и подаванью своем мели” [1, с.296]. 14.06.1588 года датавана пацверджанне на манастыр Святога Спаса, выдадзенае Жыгімонтам Вазам. Мяшчане маглі выбіраць святароў з людзей “годных и в писме Божом учоных”, якіх епіскап павінен быў пасвяціць у духоўны сан і рукапалажыць у святары. У гарадскім самакіраванні ўтвараецца асобны інстытут для нагляду за фіскальнымі справамі манастыра. Для загадвання яго прыходамі і расходамі мяшчане маглі выбраць 1 ці 2 людзей, якія штогод павінны былі рабіць справаздачу перад абшчынай [7, а.432адв-433].
Наступны этап эвалюцыі гарадскога самакіравання Магілёва звязаны з праватворчасцю саміх мяшчан. У ёй можна заўважыць выразны ўплыў віленскай ардынацыі-вількера 09.09.1536 года [4, с.143-146]. 09.06.1588 Жыгімонт Ваза зацвердзіў вількер, якім магілёўская абшычна замацавала ў якасці прысутнага дня магістрата чацвер “водлуг порадку права майдеборского, в части першой в листе семом описанного”. З парушальнікаў павінна была спаганяцца віна: “до скрынки местское грошей шесть”. Такой жа віне падлягалі і тыя, хто не прыйшоў на пазачарговыя пасяджэнні, “то есть до листу нашого гаспадарского або и панов рад и посланцов нашых, за ознайменем собе от враду месткого от бурмистров через список альбо через слугу местского”. Тыя, хто злосна парушаў вількер, падлягалі пакаранню “везенем” [7, а.414адв-415]. Той жа Жыгімонт ІІІ сваёй граматай 01.02.1589 года зацвердзіў вількер, ухвалены магілёўскімі мяшчанамі 13.10.1588 года [9, с.438-444; 8, с.59-65]. Згодна з ім для заведавання прыходам і расходам гарадскога скарбу, для абірання рады (бурмістраў, радцаў, лаўнікаў), прыняцця пастаноў аб падатках і слухання справаздачы ад рады мяшчане выбіралі калегію з 12 чалавек. Гэтыя 12 чалавек са свайго складу вызначалі на кожны год па 4 чалавекі. Такім чынам стваралася 3 рочных склада. Яны вызначалі і памеры ўдзелу грамадзян у выплаце дзяржаўных падаткаў. Падаткі на гарадскія патрэбы калегія прымала разам з радай. Прычым усе пастановы павінны былі быць з пячаткай горада і асабістымі пячаткамі і подпісамі мужоў. Гарадскія даходы павінны былі збіраць шафары, 2 з якіх з рады, а 2 ад грамады. Шафары аб зборах павінны былі штогод трымаць справаздачу перад радаю і грамадаю, аб чым рада выдавала ім квіт з пячацьмі і подпісамі. Пастановы калегіі разам з бурмістрамі па падатковых справах мелі моц і пры няпоўнай яе колькасці (10; 8; 6; 4). Тыя, хто выступаў супраць такіх ухвал, павінны былі падлягаць зняволенню. Таго, хто ў складзе калегіі дрэнна выконваў свае абавязкі, грамада магла замяніць. Прычым адзначалася, што гэты ўрад з’яўляецца добраахвотным. Калегія разам з радаю вызначала персанальны склад пасланцаў да караля. Побач з гэтымі асобамі працягвалі дзейнічаць сотнікі і дзесятнікі. Такім чынам захаваліся агульнагарадскі і соценны ўзроўні тэрытарыяльнага самакіравання горада. Пачынае стварацца карпаратыўны ўзровень самакіравання ў выглядзе інстытутаў улады брацтваў і цэхаў.
Дапаўненне да вызначанай колькасці гарадскіх службоўцаў унёс Жыгімонт Ваза граматай ад 10.03.1624 года. Было дазволена выбіраць са свайго асяроддзя 2 “людзей добрых, цнатлівых, прысяглых, добра аседлых”, якія б збіралі належачыя з горада падаткі і аддавалі іх паборцам Аршанскага павета, бо апошнія рабілі гораду “вялікія крыўды” [10, а.110адв-111].
Рост уплыву Магілёва як сацыяльна-эканамічнга цэнтра ўсходняй часткі ВКЛ выклікаў выданне Уладзіславам Вазам граматы ад 31.08.1633 года, якой кароль пашырыў на Магілёў правы і прэрагатывы Вільні. Абумовіў гэта кароль тым, што ён абавязаны “не толькі аб захаванні цэласці і здароўя падданых нашых (каралеўскіх) клапаціцца, але і вернае нам (каралю) іх падданства, а да Рэчы Паспалітай у важных і пільных яе патрэбах са значнай дастатка свайго стратай дасведчаную зычлівасць ласкай і дабрачыннасцю ўзнагароджваць”. Так, прадстаўнікі магілёўскага магістрата браліся пад каралеўскую ахову пад час іх паездак па дзяржаве і ў горадзе, ім прызначалася такая ж галаўшчына і навязка як магістрацкім асобам Вільні, іх дамы вызваляліся ад вайсковых павіннасцей [6, с.133-134].
Прыняцце ў 1620 годзе віленскіх судовых вількераў паспрыяла таму, што ў Магілёве адбылася спроба раздзяліць супольны суд на войтаўска-лаўніцкі, бурмістроўска-радзецкі і войтаўскі хатні. 08.03.1636 года кароль Уладзіслаў пацвердзіў магіляўчанам ліст войта Аляксандра Людвіка Радзівіла ад 03.02.1634 года на размежаванне судоў. Аднак працяглае існаванне супольнага суда стала традыцыяй і ўжо 18.08.1636 года Радзівіл дазволіў мяшчанам ізноў аб’яднаць суды [6, с.136, 141-142].
Наступны этап рэфармавання гарадскога самакіравання быў звязаны з каралеўскім дэкрэтам ад 18.08.1636 года. Кароль Уладзіслаў разам з панамі рады, разгледзеўшы спрэчкі паміж мяшчанамі і магістратам, пацвердзіў гораду вількер 1589 года і шырока ўдакладніў яго [6, с.143-146]. У прыватнасці абшчына павінна была штогод 17 снежня ажыццяўляць выбары службоўцаў горада. Аб часе выбараў магістрат павінен быў папярэджваць пісьмовай аб’явай на ратушы за 3 дні да элекцыі. У апошняй з’явіўся яшчэ адзін этап. Мятттчане павінны былі выбраць спачатку 24 асобы кандыдатаў у паспалітыя: 12 ад купцоў і 12 ад цэхавых рамеснікаў, і прадставіць іх 20 снежня магістрату. Магістрат з 24 кандыдатаў вызначаў 12 паспалітых: 6 ад купцоў і 6 ад рамеснікаў. У далейшым утварылася 5 змен паспалітых. Паспалітыя, як і раней, набывалі права выбіраць раду і прымаць падатковыя ўхвалы. Арыгінал вількера павінен быў захоўваць магістрат, а яго копію на пергаміне — паспалітыя. Паспалітыя павінны былі па чарзе ездзіць разам з прадстаўнікамі магістрата да караля па патрэбах горада і распараджацца выдаткамі на паездку. Паспалітыя, як і прадстаўнікі магістрата, якія нядбайна выконвалі свае абавязкі ці наогул адказваліся ад іх выканання, падлягалі пакаранню, у прыватнасці, выгнанню з цэха і недапушчэнню ў далейшым да гарадскіх пасад. За прайшоўшыя 12 гадоў райцы і шафары павінны былі трымаць справаздачу перад 4 прадстаўнікамі цахоў і купцоў. Рэвізію зямель абавязана была правесці камісія ў складзе 2 прысяглых прадстаўнікоў рады і 2 — ад цахоў і паспольства. Кнігі рэвізіі захоўваліся па 1 экзэмпляру ў магістраце і ў паспалітых. Католікаў прадпісвалася дапускаць у цэхі і да карыстання правамі і вольнасцямі горада. Прадстаўнікі магістрата вызваляліся ад выплаты падаткаў з тых дамоў, у якіх яны жылі, на працягу гадавога тэрміна паўнамоцтваў.
Датычыўся дэкрэт і карпаратыўнага ўзроўня гарадскога самакіравання [11]. Цэхі павінны былі штогод выбіраць цэхмістраў магістрацкай юрысдыкцыі і накіроўваць іх у магістрат для прысягі. Падатковыя ўхвалы можна было прымаць толькі з удзелам цэхмістраў, якія мелі права па чацвяргах прысутнічаць на пасяджэннях рады і разам з паспалітымі абмяркоўваць гэтыя пытанні. Збіралі падаткі, як і раней, шафары праз сотнікаў і дзясятнікаў. Старожа і замкавыя работы павінны былі ўскладвацца не на цэхі, а на сотні. На попісы ж павінны былі выходзіць цэхі з харугвамі па загаду магістрата. На рочных цэхмістраў не маглі ўскладацца іншыя грамадскія ўрады. На парушальнікаў дэкрэта ўскладалася віна 600 коп у каралеўскі скарб і 600 коп на ратушу.
Выкладзены ў дэкрэце 1636 года парадак фарміравання гарадскога самакіравання захоўваўся надалей у XVII і XVIII стагоддзях. Часовыя змены ў ім былі выкліканы кароткатэрміновым знаходжаннем горада пад уладай Масквы. Магілёў быў адным з нешматлікіх гарадоў, які атрымаў пацвярджальны прывілей ад маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча. Адпаведная грамата датавана 15.09.1654 года [8, с.103-109]. Грамата была дадзена ў сувязі з тым, што жыхары Магілёва горад “здалі і ўчыніліся пад нашаю (цара) Гаспадарскаю вялікаю рукою”. Цар пацвердзіў мяшчанам іх прывілеі, дазволіў ім выбіраць бурмістраў, райцаў, лаўнікаў і войта і судзіцца па магдэбургскаму праву. Апеляцыя ад гарадскіх судоў магла падавацца да цара, і адпаведны прысуд выносілі царскія баяры і думныя людзі. Прычым апеляцыя магла падавацца толькі па справах звыш 15 рублёў. Суд войта павінен быць супольным. Ва ўрад трэба было выбіраць прадстаўнікоў “лепшых, сярэдніх і мелкіх людзей усімі паспаліта, ад усяго земскага савета, добрых і знаючых людзей, якія б суд судзілі, баючыся Бога, па праўдзе, адзін адному не сябравалі, а недругу не помсцілі”. Кожны павінен быў адказваць у судзе сам за сябе, прадстаўнікоў (пракуратараў) наймаць забаранялася. Пад гарадскі прысуд і ўладу перадаваліся ўсе жыхары горада, не гледзячы на саслоўную прыналежнасць. Гарадскі суд не павінен быў судзіць духоўныя справы. Для заведавання даходамі і расходамі горада павінны былі выбірацца шафары. “Палякам” (католікам) забаранялася займаць гарадскія пасады.
З той нагоды, што жыхары Магілёва знішчылі маскоўскі гарнізон, а ваяводаў і старшын перадалі каралю, Ян Казімір 09.06.1661 года дараваў гораду амністыю, бо “гаспадары больш надзейна ахоўваюцца любоўю вернападданых, чым цвёрдымі і непрыступнымі сценамі” [8, с.112-114; 12, а.107].
Пацвярджаючы ранейшыя правы мяшчан, кароль таксама 09.06.1661 года даў магістрату права выбараў войта са свайго складу, радзе — магчымасць карыстацца шляхецтвам, гербамі і земскімі маёмасцямі. Горад атрымаў герб з трыма вежамі, “Пагоняй” і рыцарам у браме, віленскія вольнасці для мяшчан, цэхаў і брацкай праваслаўнай царквы. Выбары, як і раней, прызначаліся на 17 снежня, пачатак пасяджэнняў магістрата — на 1 студзеня [9, с.128-129; 12, а.117- 119адв]. Трэба адзначыць, што выбарнасць войта стала магчымай у выніку адказа ад пасады войта Уладзіслава Валовіча, віцебскага ваяводы, на карысць магістрата і паспольства, што адзначана каралеўскім кансэнсам ад 04.06.1661 года [12, а.109-110].
Такім чынам, у эвалюцыі органаў самакіравання Магілёва можна вылучыць 4 асноўных этапа. На першым існавала войтаўскае самакіраванне, якое складалася з войта, сотнікаў і “галаўнейшых мяшчан” і выконвала распарадчыя, фіскальныя, надзорныя і часткова судовыя функцыі. Этап працягваўся з 1561 па 1577 год. На другім этапе (1577 — 1588 гады) пачынаецца існаванне самакіравання па магдэбургскаму ўзору з войтам на чале, афармленне горада ў асобную саслоўна-адміністрацыйную адзінку. Асноўныя службовыя асобы прызначаліся з выбраных мяшчанамі на кожную пасаду 4 кандыдатаў. Ландвойт прызначаўся войтам і ўзначальваў супольны гарадскі суд у час яго адсутнасці. На трэцім этапе (1589 — 1635 гады) шляхам прыняцця вількераў магдэбургская сістэма самакірвання была ўдасканалена ўвядзеннем калегіі паспалітых, якія выбіралі службовых асоб магістрата і вырашалі падатковыя пытанні, а таксама калегіі шафараў, якая загадвала прыходамі і выдаткамі горада. Склаліся агульнагарадскі, соценны і карпаратыўны узроўні самакіравання. Рост колькасці і моцы рамесніцкіх цэхаў горада прывёў да таго, што ў 1636 годзе вызначаная вількерамі сістэма самакіравання была скарэкціравана з улікам цэхавых інтарэсаў. З’явілася калегія выбрашчыкаў у складзе 12 прадстаўнікоў ад рамеснікаў і 12 — ад купецтва. Такі ж роўны падзел месцаў стаў уласцівым і для калегіі паспалітых. Удакладненая такім чынам сістэма самакіравання захоўвалася надалей да ўваходжання Магілёва ў склад Расійскай імперыі.
Літаратура:
1.Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 3 (1544 — 1587). — СПб.: тип.2-го отд-ния Собств.е.и.в.канцелярии, 1848. — 356 с.
2.Макараў, М.Дз. Ад пасада да магдэбургіі: прававое становішча насельніцтва местаў Беларускага Падзвіння ў XIV — XVII ст. / М. Дз. Макараў — Мінск: Экаперспектыва, 2008. — 248 с.
3.Стрэнкоўскі, С. П. Гарадское самакіраванне Оршы ў XVI — XVIII ст. / С. П. Стрэнкоўскі // Вестник МГИРО. — 2010. — № 2. — С.47-55.
4.Стрэнкоўскі, С. П. Прывілеі і вольнасці беларускіх гарадоў з нямецкім правам у канцы XIV — канцы XVIII стст. / С. П. Стрэнкоўскі. — Мінск: МГІРА, 2008. — 251с.
5.Стренковский, С.П. К вопросу о сходстве формуляров привилегий на магдебургское право городам Великого княжества Литовского / С.П.Стренковский // Кубанские исторические чтения: Материалы Первой межвузовской научно-практической конференции (Краснодар, 14 мая 2010 г.). — Краснодар: Издательство Краснодарского центра научно-технической информации (ЦНТИ), 2010. — С.22 — 26.
6.Беларусі архіў / — Мінск, 1927. — Т.1: (XVI-XVII ст.). [Матэрыялы i дакументы да гісторыі Беларуска-Літоўскай дзяржавы] — XII,341 с.
7.Нацыянальны гістрычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Фонд КМФ — 18. — Воп.1. — Сп.73. Метрыка прывілеяў.
8.Белорусский архив древних грамот / Предисл. протоиерея И.Григоровича. — М., 1824. — Ч.1. — 148 с.
9.Историко — юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской, хранящиеся в Центральном архиве в Витебске. — Витебск, 1883. — Вып.14. — 530, XIV с.
10.НГАБ. Фонд КМФ — 18. — Воп.1. — Сп.99. Прывілеі на розныя пасады, староствы, арэнды.
11.Стрэнкоўскі, С.П. Карпаратыўны ўровень самакіравання беларускіх гарадоў у
XVI — XVIII стагоддзях / С.П.Стрэнкоўскі // Проблемы и перспективы становления гражданского общества: материалы Международ.науч.-
практ.конф., 20-21 мая 2010 г., Могилёв / УО “Могилёвский государственный университет продовольствия”; [редколлегия: Ю.М.Бубнов (ответственный редактор), Т.О.Бобкова, И.А.Пушкин, В.Л.Рожковский, В.В.Юдин]. — В 2-х ч. — Ч.2. — : УО «МГУП», 2010. — С.95 — 99.
12.НГАБ. Фонд КМФ — 18. — Воп.1. — Сп.134. Прывілеі, пажалаванні, пацвярджэнні.

С.П.Стрэнкоўскі, г.Мінск, ДУА “Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі”

Оригинал